УДА́РНАЯ ГРУПО́ЎКА (ваен.),

разгорнутыя адпаведным чынам сілы і сродкі аб’яднанняў, злучэнняў і часцей розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл), спец. войск і інш., прызначаныя для разгрому праціўніка на напрамку гал. ўдару ў наступальнай аперацыі. Стварэннем У.г. дасягаецца выкананне аднаго з патрабаванняў ваеннага майстэрства аб масіраванні сіл і сродкаў на вырашальных напрамках.

Неабходнасць ва У.г. узнікла са з’яўленнем пазіцый абароны, для прарыву якіх патрабавалася шмат сіл і сродкаў. Адзін з прыкладаў дзейнасці такіх груповак — Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (Брусілаўскі прарыў). У 1930-я г., паводле тэорыі глыбокай аперацыі, прадугледжвалася выкарыстоўваць у якасці У.г. спецыяльна сфарміраваныя ўдарныя арміі. У Вял. Айч. вайну ў складзе 2-га Бел. фронту дзейнічала 2-я, 1-га Бел. фронту — 3-я ўдарныя арміі; у час Беларускай аперацыі 1944 — 4-я ўдарная армія (у інш. арміях звычайна ствараліся па адной У.г.).

У сучасных войнах і аперацыях таксама выкарыстоўваюцца У.г., у т. л. рэгіянальныя інфарм.-ўдарныя групоўкі войск (гл. таксама Маланкавая вайна).

С.​В.​Папоў.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)